ЧАРАДЗЕ́ЙНЫЯ КА́ЗКІ,
жанравая разнавіднасць казачнага эпасу; казкі з тыповымі сюжэтамі, матывамі, будовай, дзе прысутнічаюць чарадзейства, незвычайныя героі, змагаюцца сілы дабра і зла, але заўсёды перамагае справядлівасць. Міжнар. паказальнікі казачных сюжэтаў адносяць Ч.к. да «ўласна казак». У іх аснове міфічнае светаўспрыманне, адметная сістэма вобразаў, у якой звычайна супрацьпастаўлены асілкі, іх памочнікі і іх ворагі, што ўвасабляюць варожыя людзям сілы. Існуюць розныя схемы класіфікацыі і падзелу Ч.к. на сюжэтна-тэматычныя групы. Першая група аб’ядноўвае казкі героіка-фантаст. зместу, творы маштабныя, прасякнутыя пафасам барацьбы з варожымі народу сіламі (Цмок, Кашч і інш.). Іх гал. героі асілкі — змагары за праўду, справядлівасць, абаронцы пакрыўджаных (Кацігарошак, Івашка Мядзведжае Вушка, Іван Удовін сын). У другую групу ўваходзяць Ч.к., пабудаваныя на сямейных калізіях. Яны маюць шмат агульных рыс у змесце, сістэме вобразаў, паэтыцы. Важнае месца ў гэтых казках займае матыў здабывання чарадзейнай жонкі, з дапамогай якой герой пазбаўляецца галечы і помсціць свайму крыўдзіцелю («Няшчасны егар», «Іван Васілевіч стралок» і інш.). Да гэтай групы адносяцца казкі, у якіх маст. вобразы звязаны з татэмістычнымі вераваннямі («Царэўна-жаба», «Сястрыца Алёнушка і брацец Іванушка», «Рак-царэвіч»), а таксама казкі пра бязвінна пакрыўджаных сірот. Да трэцяй групы адносяцца Ч.к., што адлюстравалі нар. ўяўленні аб праўдзе, крыўдзе, горы, лёсе, смерці, якія персаніфікуюцца, дапамагаюць раскрыць іх глыбінны сэнс.
Узніклі ў дакласавы і раннекласавы перыяд грамадства, што характарызуецца моцнай залежнасцю чалавека ад навакольнай прыроды, розныя з’явы якой ён адухаўляў, надзяляў уласнымі гіпербалізаванымі якасцямі. На гэтай ступені развіцця грамадскай свядомасці розным народам уласціва міфалагізаванне, г.зн. бессвядома-маст. перапрацоўка прыроды і грамадскіх адносін у фантазіі і пры дапамозе фантазіі. Міфалогія склала светапоглядную аснову Ч.к., фантастыка якіх адпавядала агульнаму ўзроўню грамадскай свядомасці, таму абапіралася на элементы татэмізму, анімізму, фетышызму і інш. вераванняў старажытнасці. Маст. выдумка казак не адрывалася ад жыцця. У многіх з іх увасоблены малюнкі сял. працы, якую героі самі або з дапамогай цудоўных памочнікаў робяць вельмі хутка, прыгожа і вынікова. Аднак сувязь прац. пачатку і мастацтва не з’яўляецца непасрэднай і прамалінейнай, і чым больш казка аддаляецца ад сваіх вытокаў, тым больш апасродкаваны характар яна набывае.
У бел. Ч.к. сюжэтны склад налічвае каля 220 сюжэтных тыпаў і падтыпаў. Большасць з іх міжнар., аднак ёсць сюжэты, выяўленыя толькі ў бел. фальклоры: «Рука-невідзімка і тры сястры», «Меч-самасек і жана-ведзьма» і інш. Найб. пашыраны Ч.к. «Тры царствы», «Бой на калінавым мосце», «Дзівосныя дзеці» і інш. Часта ў адным творы аб’ядноўваюцца 2 і больш сюжэтаў, утвараючы адзінае маст. цэлае. Напр., асн. сюжэт пра асілкаў-змеяборцаў часам ускладняецца сюжэтамі «Цудоўныя памочнікі», «Сіўка-Бурка» і інш.
Публ.:
Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі. Мн., 1971;
Чарадзейныя казкі. Ч. 1—2. Мн., 1973—78.
Літ.:
Пропп В.Я. Исторические корни волшебной сказки. Л., 1946;
Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969;
Новиков Н.В. Образы восточнославянской волшебной сказки. Л., 1974;
Казкі ў сучасных запісах. Мн., 1989;
Народная проза. Мн., 2002.
К.П.Кабашнікаў.
т. 17, с. 219